Пасяджэнне творчай лабараторыі намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе праведзены семінар-практыкум для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце Навагрудскага раёна па тэме “Педагагічны савет, які натхняе і кіруе”.

Удзельнікаў творчай лабараторыі сустрэлі вучні і педагогі ўстановы, якія ўспамінаючы “азбуку” (словы-асацыяцыі на кожную літару), паведамілі прысутным, хто такі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Адкрыла семінар-практыкум і вызначыла праблемнае поле Ірына Барыкіна, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама.

Семінар-практыкум праведзены па двух блоках: вучэбна-метадычным і практычным.

Падчас вучэбна-метадычнага блока дырэктар установы Дзіяна Цвірко расказала ўдзельнікам семінара-практыкума аб асаблівасцях планавання педагагічных саветаў і патрабаваннях да іх правядзення. Пазнаёміла з дакументацыяй, якая афармляецца па выніках правядзення кожнага педсавета: пратакол пасяджэння, кніга ўліку пратаколаў, картачка кантролю за выкананнем рашэнняў педагагічнага савета.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Малашэўская падзялілася вопытам работы па падрыхтоўцы і правядзенні тэматычных педагагічных саветаў. Асаблівая ўвага была звернута на тое, што існуюць чатыры этапы дзейнасці: распрацоўка; падрыхтоўка; правядзенне; паслядзеянне. Затым падзялілася вопытам работы на кожным этапе на прыкладзе тэматычнага педагагічнага савета, праведзенага ў бягучым навучальным годзе па тэме “Дзейнасць педагагічнага калектыву па стварэнні ўмоў для паспяховай самарэалізацыі навучэнцаў з рознымі адукацыйнымі магчымасцямі”.

Цікавым атрымалася прэзентацыя этапу правядзенне педсавета. Дзе ж як не на педагагічным савеце педагогі могуць дзяліцца з калегамі станоўчым вопытам работы? Увазе прысутных былі прапанаваны відэафрагменты вучэбных заняткаў, дзе педагогі ўстановы прымянялі прыёмы і тэхналогіі развіцця пазнаваўчай актыўнасці навучэнцаў: Аксана Цераховіч – скрайбінг, Алена Яблонская – даследчы метад, Ірына Радзюк – тэхналогію праблемнага навучання, Генадзій Дрозд – прыём прадуктыўнага чытання, Алена Савіч – тэхналогія дыферэнцыраванага навучання.

Вынікі работы па тэме самаадукацыі “Інтэрактыўны плакат як сродак прадстаўлення інфармацыі” прадставіла настаўніка пачатковых класаў Вольга Марушка. Дадзены адукацыйны рэсурс павышае цікавасць вучняў да чытання і з’яўляецца сродкам візуалізацыі інфармацыі.

У педагагічнай дзейнасці нам даводзіцца працаваць не толькі з высокаматываванымі і слабапаспяваючымі вучнямі, але і з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Увазе ўдзельнікаў семінара практыкума быў прапанаваны вопыт работы настаўніка-дэфектолага Таццяны Якубоўскай па тэме “Мадэль SOS, заснаваная на аснове калектыўнага спосабу навучання”. Дадзены вопыт заслугоўвае ўвагі, так як гэта аўтарская работа, якая была адзначана на раённым і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

Намеснік дырэктара падзялілася ідэяй па стварэнні інтэрактыўнага плаката па выніках падрыхтоўкі і правядзення педагагічнага савета.

Граматна пабудаваная работа па падрыхтоўцы і правядзенні педагагічных саветаў адна з галоўных задач адміністрацыі ўстановы. На практычным этапе самінара-практыкума Алена Малашэўская правяла з калегамі дзелавую гульню “Удасканаленне ўпраўленчай дзейнасці па падрыхтоўцы і правядзенні педагагічных саветаў”. У ходзе гульні намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце вызначалі цяжкасці ў падрыхтоўцы і правядзенні педсаветаў, указалі недахопы і ўмовы паспяховага правядзення педсаветаў, спланавалі работу па падрыхтоўцы да тэматычных педагагічных саветаў па тэме “Практыка-арыентаваны падыход як умова паспяховага навучання” і “Міжпрадметныя сувязі як сродак павышэння якасці адукацыі”. Падчас вырашэння сітуацый, якія могуць узнікнуць на педсавеце, вызначаны правілы кантролю за ходам педагагічнага савета. Выніковым этапам дзелавой гульні стала састаўленне памяткі для адміністрацыі па планаванні і правядзенні педагагічных саветаў.

Выніковая рэфлексія праведзена з прымяненнем прыёму “Воблака слоў”. Удзельнікі адзначылі крэатыўнасць праведзенага семінара, актуальнасць тэматыкі і пазітыўны настрой.